ЧАСОВААБАВЯ́ЗАНЫЯ СЯЛЯ́НЕ,

катэгорыя былых прыватнаўласніцкіх (панскіх) сялян Рас. імперыі, вызваленых ад прыгоннай залежнасці паводле «Палажэнняў» 19 лютага 1861, але не пераведзеных на выкуп (гл. Выкупная аперацыя). Тэрмін часоваабавязаных адносін дакладна не вызначаўся, іх спыненне цалкам залежала ад волі памешчыка. За карыстанне зямлёй Ч.с. выконвалі аброк або паншчыну. Пад уплывам паўстання 1863—64 і масавага руху сялян супраць грабежніцкіх умоў сялянскай рэформы 1861 царскі ўрад законам ад 13.3.1863 увёў абавязковы выкуп сял. надзелаў у Віленскай, Гродзенскай, Ковенскай, Мінскай губ., у латгальскіх і Дрысенскім пав. Віцебскай губ. Тут Ч.с. з 13.5.1863 пераводзіліся ў разрад т. зв. сялян-уласнікаў. 14.11.1863 дзеянне гэтага ўказа пашырана на ўсю Віцебскую і Магілёўскую губ., дзе абавязаныя адносіны спынены 13.1.1864. Выкупныя плацяжы ва ўсіх 6 названых зах. губернях павінны былі знізіцца на 20%, рэальна гэтае зніжэнне было больш значным. Катэгорыя Ч.с. у Рас. імперыі скасавана законам ад 9.1.1882, згодна з якім усе б. панскія сяляне з пач. 1883 пераводзіліся на абавязковы выкуп.

В.​П.​Панюціч.

т. 17, с. 252

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)